ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх. ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах. ч. Украіны з Львовам і паўд. ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
А.М.Філатава.
т. 12, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)